ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс. га) і Гродзенскай (20 тыс. га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)